Ганна Кашцялян: З мяне вырашылі зрабіць злачынцу



Штрафам пяць базавых велічынь пакарана 60-гадовая пенсіянерка з аграгарадка Першамайская Ганна Кашцялян за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці.

Яны ўдваіх з дачкой Вольгай 4 кастрычніка выйшлі на ходнікі галоўнай вуліцы Бярозы з плакацікамі і кветкамі ў руках. Пільныя мясцовыя міліцыянты схапілі „злачынцаў” і кінулі ў ізалятар на суткі да суда, пры гэтым узялі ў залог тэлефоны і дарагі гадзіннік у дачкі, пакуль не заплацяць будучы штраф.

Кажа участковы інспектар па справах непаўнагадовых Павел Дубік:

– Падчас патрулявання мы заўважылі, як дзве дзяўчыны ідуць, трымаючы плакаты ў руках. Першы плакат быў “Свабоду палітвязням” бел-чырвона-белы, а другая – гэта яе маці, несла плакат “Сіла ў праўдзе”.

Ганна Кашцялян віны сваёй не прызнала:

– 40 гадоў адпрацавала на мясакамбінаце. За ўвесь гэты час не атрымала ніводнай вымовы, ніводнага папроку. А зараз на пенсіі з мяне вырашылі зрабіць злачынцу за тое, што я супраць гвалту.

Прамова спадарыні Ганны ў судзе кранула ўсіх, акрамя суддзі Дзмітрыя Кавалевіча і дзіцячага інспектара Паўла Дубіка.

Паводле сябра праваабарончага цэнтра „Вясна”  Сяржука Русецкага, мясцовыя міліцыянты вельмі старанна выконваюць загады зверху, абараняючы інтарэсы аднаго чалавека, які нахабна захапіў уладу. Заадно зарабляюць сабе прэміі і зорачкі на пагонах.

Цалкам  мматэрыял  слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя