Ганна Казак: Прымаюць на працу – патрабуй працоўную дамову



Праз месяц звольнілі з працы, не заключыўшы дагавору найма. Такое здарылася ў Гародні з жыхаркай Ганнай Казак. Яна ўладкоўвалася ў якасьці кансультанта ў „кантактны заапарк”, хаця функцыі, якія там даводзілася выконваць, адпавядаюць тром розным спецыяльнасцям. Зразумела, што не ад добрага жыцця людзі ідуць на такую сумніўную працу. Да таго ж, праз месяц працы, яе звольнілі. Вось што раіць гарадзенцам Ганна Казак, аказаўшыся без магчымасцяў сябе абараніць перад працадаўцам.

– Многія ў нас не ведаюць, што калі тры дні працуеш, а з табой не заключаюць працоўную дамову, то трэба адразу або адтуль сыходзіць, або патрабаваць заключэння працоўнай дамовы. Інакш ніяк, таму што будзе суцэльны падман. Была праца кансультанта. Я павінна была глядзець за жывёламі, каб наведнікі жорстка не абыходзіліся з жывёламі. Плюс, прыборка вальераў, ранішняя прыборка, кармленне, праборка зала, на працягу дня патрыманне парадка ў зале.

Выклікае падазрэнне сумленнасць абслугоўвання наведнікаў і догляд за дзікімі жывёламі, якіх у „кантактным заапарку” каля трох дзясяткаў.

– За маё знаходжання, з 11 дзён з 20 працоўных, у заапарк ніводнага разу не прыязджаў ветэрынар. На працягу майго працоўнага дня не было ні заолага, ні ветэрынара. Марская свінка была пакусаная, ці ў яе быў лішай, яе адсадзілі ў вядро. Тры дні яе пратрымалі ў вядры і зноў выпусцілі ў вальер. Сказалі, што ёй добра. Супрацоўнікам казалі, каб з раніцы жывёл не кармілі, калі гэта выходныя дні, таму што будзе вялікая колькасць наведнікаў, трэба прадаць больш корму. Каб на людзях нажыцца, іншай прычыны няма.

Колькасць ахвотных камбінатараў скарыстацца з наіўных грамадзянаў, апошнім часам, у Гародні ўзрасла. Да „кантралёраў” якасьці святла і „майстроў” па рэгуляцыі вокнаў у кватэрах дадаўся так званы „кантактны заапарк”, які жорстка абыходзіцца не толькі з жывёламі, але і са сваімі працаўнікамі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя