Гарадок: актывіста будуць судзіць за абразу чыноўніка



Гарадоцкі грамадскі актывіст Леанід Аўтухоў параўнаў чыноўніка з „тэрарыстам у Луганску і Данецку”. Запіс з такімі словамі ён пакінуў у кнізе скаргаў рэгіянальнага цэнтра занятасці, абураны паводзінамі кіраўніка ўстановы Пятра Прасолава.

Чыноўнік напісаў заяву ў міліцыю, паведамляе сайт праваабарончага цэнтра „Вясна”. Напярэдадні з сябра Партыі БНФ Леаніда Аўтухова ўзялі тлумачэнні. Паводле яго слоў, справа рыхтуюць для перадачы ў суд:

– Я стаяў у цэнтры занятасці на ўліку па беспрацоўю, мяне накіравалі на вучобу ад цэнтра занятасці на кіроўцу катэгорыі Е, я паспяхова скончыў. Далей працаўладкоўвацца, накіравалі на адну працу, яна не адпавядае. Пачалася ў нас з ім размова, адбылася спрэчка ў нас, я звярнуўся ў пракуратуру, у кнігу заўваг і прапаноў занёс запіс. У чарговы раз пайшоў на прыём у цэнтр занятасці: „Вы ўжо знятыя з уліку”. Я кажу: „Як так, не паведаміўшы нічога”. Заходзіць ён і кажа: „Я ж вам загадаў зняць”, ну вось і ўсё.

Актывіст не выключае, што пададзеная ў міліцыю скарга – гэта помста кіраўніка цэнтра занятасці. Бо пракуратура праводзіць праверку працы ўстановы. Леанід Аўтухоў паведаміў пракурору, што цэнтр занятасці прапануе беспрацоўным вакансіі, якія на самой справе не існуюць.

Калі суд прызнае параўнанне з „тэрарыстам у Луганску і Данецку” абразай, то Леанід Аўтухоў можа быць аштрафаваны на суму да 20 базавых велічыняў.

Беларускае Радыё Рацыя