Гарадзенец напісаў кнігу на аснове крэатыўных акцый



Гарадзенскі піяр-менеджар, арганізатар розных дабрачынных акцый Міхаіл Ліс напісаў кнігу “Пра вас загавораць усе. Сакрэты паспяховых піяр-акцый”.

Пра кнігу кажа Міхаіл Ліс:

– Напісана на прыкладзе шматлікіх піяр-акцый – гэта 36 прыкладаў, большасць з якіх была ў Беларусі. Яна была створана для таго, каб дапамагчы таленавітым спецыялістам, і якія не маючы грошай, часта нават з нулявым бюджэтам хочуць прыцягнуць да сябе ўвагу, да сваіх крэатыўных ідэй. І я стварыў сваю тэорыю, як ствараць піяр-акцыі.  

Кніга, па словах Міхаіла Ліса, была напісана пасля яго вучобы ў Вялікабрытаніі і зыходзячы з замежнага досведу:

– Апытаў шэраг вядучых піяр-дырэктараў з Англіі і Расеі, сярод якіх быў піяр-дырэктар BBC Radio Пол Сімпсан, піяр-дырэктар ангельскага агенцтва Frank PR Эндру Блок, таксама расейскія піяршчыкі, такія як Антон Вуйма і Алег Матвеічаў. На аснове інтэрв’ю з імі і свайго ўласнага досьведу я стварыў пэўную тэхналогію таго, як ствараць піяр-акцыі ад  А да Я. Каб кожны чалавек змог літаральна ўзяць і зрабіць без лішніх пытанняў.

Кнігу гарадзенца можна бяскаштоўна спампаваць у сеціве, а сам Міхаіл Ліс днямі адчыніў у Гародні піяр-агенцтва, у якім аплата ідзе не грашыма, а донарскай крывёй  замоўцы піяра.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня