Гарадзенец просіць улады растлумачыць, як правільна сушыць белыя і чырвоныя рэчы
Жыхар Гародні Яўген Дудкін просіць мясцовыя ўлады патлумачыць, як правільна сушыць на балконе белыя і чырвоныя рэчы, каб не парушыць закон аб масавых мерапрыемствах і не трапіць пад адміністрацыйную артыкул.
У петыцыі, апублікаванай на сайце petitions.by, Яўген спасылаецца на прадпісанне дырэктара ЖЭУ №3 Першамайскага раёна горада Менска, у якім гаворыцца, што размяшчэнне на балконе сцягоў і іншых прадметаў бел-чырвона-белай расфарбоўкі з’яўляецца пікетаваннем, паведамляе REFORM.by.
«Паколькі я лічу сябе законапаслухмяным грамадзянінам, прашу растлумачыць мне ўмовы вывешвання для сушкі на гаўбцы асабістых рэчаў, якія складаюцца з адзення бел-чырвона-белай расфарбоўкі (іншых прадметаў з аналагічнай расфарбоўкай)», — гаворыцца ў петыцыі.
Яўген цікавіцца ў Гарадзенскага абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў:
– Якія канкрэтна рэчы бел-чырвона-белай расфарбоўкі ўваходзяць у спіс забароненых (іншых прадметаў з аналагічнай расфарбоўкай) для дэманстрацыі грамадзянам (памеры, формы, якасць тканіны, краіна-вытворца, ніжняе, верхняе)? – Ці маецца ўсталяваны ліміт рэчаў для вывешвання для сушкі рэчаў на зашклёным балконе, у якой чарговасці забараняецца вывешваць? – У якія дзяржаўныя органы ўлады па месцы жыхарства трэба звяртацца за падрабязнай інфармацыяй і тлумачэннем нюансаў, звязаных з рэалізацыяй свайго права па вывешванні? – Ці неабходна загадзя, перад вывешваннем рэчаў для сушкі на балконе, паказваць час пачатку сушкі і канец? Што рабіць, калі сушка не дасягнула свайго выніку пры стандартным надвор’і, ці будуць прымацца нейкія санкцыі з боку дзяржавы?
Петыцыя была апублікаваная 6 снежня. За тры дні пад ёй падпісалася больш за 2000 чалавек.
