Гарадзенскага святара, які публікаваў гімн «Магутны Божа», звольнілі з прыхода



Гарадзенскага святара, які публікаваў гімн «Магутны Божа», звольнілі з прыхода. Айца Андрэя Ноздрына, настаяцеля праваслаўнага прыхода ў Альшанцы, вызвалілі ад пасады. Пра гэта ён сам паведаміў на сваёй старонцы ў Інстаграме. У пятніцу святар правядзе апошнюю службу.

Андрэй Ноздрын

Гарадзенка Вольга Бондарава напісала на святара данос. «Памятаеце бчб-папа Ноздрына, суграмадзяне, які спачатку быў за дзяржаўны пераварот, затым публікаваў нацысцкі гімн Арсенневай «Магутны Божа» ў выкананні гарадзенскіх махляроў у рызах, рэпосціў экстрэмісцкую памыйніцу «Тутбай», а затым апусціўся да падтрымкі тэрарыстычнага рэжыму Украрэйха?» – напісала Бондарава.

Па яе заяве правялі праверку. Парушэнняў з боку Ноздрына не выявілі. Але прафілактычную гутарку аб выкананні заканадаўства і недапушчэнні здзяйснення экстрэмісцкіх правапарушэнняў і злачынстваў правялі.
Андрэй Ноздрын – клірык Гарадзенскай епархіі БПЦ, быў настаяцелем храма Спірыдона Трыміфунцкага ў Гародні. У жніўні 2020 года заклікаў не распальваць варожасць паміж народам і арміяй. Мяркуючы па акаўнце ў Фэйсбуку, падтрымліваў Віктара Бабарыку. Выступаў супраць вайны ва Украіне, нагадвае hrodna.life.

[manual_related_posts]