Гарадзенскаму блогеру Vadimati дадалі яшчэ 20 дзён арышту
Гарадзенскага блогера і прадпрымальніка Вадзіма Ермашука (Vadimati) асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту за нібыта “распаўсюд, выраб або захоўванне інфармацыі, у якой ёсць заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці”. Пра гэта Свабодзе паведаміла сяброўка блогера. Вадзіма Ермашука затрымалі 16 жніўня ў Шчучыне, куды ён паехаў паглядзець на мясцовы скейт-парк, каб зрабіць падобны ў Горадні. Агулам Vadimati ужо атрымаў 60 сутак адміністрацыйнага арышту. На яго пачалі і дзве крымінальныя справы: за “абразу Лукашэнкі” і “абразу дзяржаўнага сцяга” за яго выказванні.
Вадзім Ермашук мае 36 гадоў, ён гандляваў адзеннем на гарадзенскім рынку. Дамагаўся паляпшэння інфраструктуры ў горадзе, наведваў “палітычныя” суды, расказваў пра іх у сваім Instagram, які мае 45 тысяч падпісчыкаў. Здымаў іранічныя ролікі ў вобразе “народнага дэпутата”.
