Гарадзенскаму Новаму Свету пагражае знішчэнне



Гарадзенскі Новы Свет – раён драўлянай пабудовы недалёка ад цэнтра гораду пойдзе бліжэйшым часам пад знос.

Гісторык Мечыслаў Супрон канстатуе, што ўжо цягам месяца знікнуць унікальныя драўляныя будынкі Гародні.

– Праблема з Новым Светам цяпер у тым, што пачаўся новы этап руйнавання яго забудовы. Прынамсі, як мінімум тры будынкі, вельмі яскравыя, пачатку 20-га стагоддзя, два з іх, і трэці будынак драўлянага канструктывізму 30-х гадоў – яны ідуць пад знос. Улады прынялі новую тактыку. Цяпер будынкі будуць зносіцца не за дзяржаўны кошт, а сродкамі інвестара.

На думку гісторыка, кожнаму новаму кіраўніцтву горада і вобласці трэба тлумачыць, што азначае для горада Новы Свет.

– У Гародні, як і па ўсёй краіне, назіраем такую сітуацыю, што кожная новая адміністрацыя, як гарадская, так і абласная, фактычна з кожным новым назначэннем патрабуе, каб наноў ім усё тлумачыць: што з’яўляецца каштоўнасцю, што не з’яўляецца. І фактычна гэтая ўлада, якая цяпер знаходзіцца ў аблвыканкаме і гарвыканкаме, яна слаба разумее каштоўнасці менавіта Новага Свету.

Змаганне грамадскіх актывістаў і гісторыкаў за тое, каб пакінуць драўляную пабудову Новага Свету ў Гародні, працягваецца больш за 10 год, аднак ужо ў гэтым годзе пайшлі пад знос некалькі цікавых будынкаў.

Беларускае Радыё Рацыя