„Гарадзенская беларусачка 2017” пра мову, спорт ды іншае



„Гарадзенская беларусачка 2017” Анастасія Трафімчык у мінулым школьная настаўніца, цяпер захапілася ўльтрамарафонам і прымае ўдзел у спаборніцтвах каманды Ultra Run Veras.

З „Госцем Рацыі” Анастасіяй Трафімчык пагутарыў наш карэспандэнт Якуб Сушчынскі:

Анастасія Трафімчык: Сапраўды мяне можна лічыць спартоўкай. У мінулым годзе, у снежні, я прабегла свой першы 12-гадзінны забег. І цяпер мяне можна назваць ультра-марафонкай. Але я лічу, што гэта толькі пачатак. 19 жніўня ў Шчучыне абудзецца мой другі ультра-марафон. Старт будзе ўжо на 24 гадзіны. Таму самае цікавае ў мяне наперадзе ў гэтым годзе.

РР: А першы прабег у вас быў на колькі гадзінаў?

Анастасія Трафімчык: Першы прабег быў у Лідзе на 12 гадзін. Старт быў а 9-й гадзіне ўвечары і фініш а 9-й зранку.

РР: Анастасія, як так апынулася, што вы сталі бегаць?

Анастасія Трафімчык: У школе я займалася лёгкай атлетыкай. Бегала кросы. Кросы тады былі на 1-2 кіламетры. Потым, калі я ўжо паступіла ў Гародню, мой сябра Дзмітрый Будрык запрасіў мяне ў нядзелю пабегаць у Пышках, і вось мы штотыднёва збіраліся і бегалі. Спачатку гэта былі 1-2 кіламетры. Потым мы пераходзілі на 5, на 10. Потым мы далучыліся да акцыі „Вэлком бягом” і прабеглі вакол Гародні 21 кіламетр, сапраўдны паўмарафон.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня