Гарадзенскі аблсуд не задаволіў скаргу Віктара Сазонава



Абсурднае рашэнне Свіслацкага суда пакараць штрафам праваабаронцу Віктара Сазонава падтрымаў суддзя гарадзенскага абласнога суда Валеры Раманоўскі. Віктар Сазонаў у сваёй скарзе на вынесены штраф у памеры 15 базавых адзінак пазначыў, што на Свіслацкім фэсце ў гонар паўстанцаў 1863 году ён толькі фіксаваў падзеі, прыкладам як і супрацоўнікі міліцыі, што былі ў цывільным. Суддзя довадаў не пачуў.

Кажа Віктар Сазонаў:

– Гэты выпадак выключны тым, як я і казаў на судзе, калі я прыязджаў у Свіслач і трымаў у руках сцяг, то я з гонарам на судах гаварыў, што я трымаў сцяг, калі я выступаў, то я з гонарам гаварыў, што я выступаў і настойваў на тым, што я маю права на рэалізацыю свайго канстытуцыйнага права на мірныя масавыя мерапрыемствы. Але гэтым разам я прыехаў выключна як праваабаронца.

На думку Віктара Сазонава традыцыйнае штрафаванне і арышты беларускіх актывістаў, якія прыязджаюць у Свіслач, каб ушанаваць памяць паўстанцаў 1863 году, ёсць праявай нацыянальнага генацыду.

– Таго, што беларусам не даюць рэалізоўваць канстытуцыйныя правы як нацыі, як прадстаўнікам гэтага народа, за ўсім гэтым можна бачыць, якія далей улада будзе рабіць наступствы, калі глядзець на сітуацыю з беларускай мовай, з беларускай культурай у цэлым, з беларускай гісторыяй, тое, што пішацца ў падручніках, то можна за ўсім гэтым заўважыць, што гэта мэтавая і планавая палітыка знішчэння свядомасці беларусаў, і адпаведна, як вынік гэтага, знішчэнне беларускай дзяржаўнасці.

Падтрымаць Віктара Сазонава ў судзе, прыйшлі калегі, сябры, журналісты. Праваабаронца плануе не супыняцца на несправядлівым выраку за нібыта правапарушэнне – удзел у акцыі, у якой ён не ўдзельнічаў. І надалей будзе абскарджваць у вышэйшых інстанцыях судовай сістэмы, а калі будзе трэба, то дойдзе і да міжнародных структураў.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара