Гарадзенскі буккросінг: попыт на фантастыку і класіку



Модная еўрапейская тэндэнцыя ў выглядзе абмену кніжак праз буккросінг ў Гародні увайшла ў новую стадыю. Кніжкі па паліцах з’яўляюцца ў вялікіх гандлёвых цэнтрах, у грамадскіх ініцыятывах і творчых пляцоўках.

Пра з’яўленне буккросінга ў гарадзенскім гандлёвым цэнтры “Олд сіці” распавядае маркетолаг Сяргей Іваноў:

— Мы былі прыемна здзіўленыя. Гарадзенцы настолькі пранікліся гэтым, што прыносяць свае кнігі і забіраюць з паліц кнігі, якія тут ужо знаходзяцца. Пераважна класіка, фантастыка, разбіраецца цалкам, беларускіх на жаль, пакуль няма, але з часам усё будзе. Наш буккросінг апраўдаў сваю ідэю: рэальна з’яўляюцца кнігі, рэальна гарадзенцы наведнікі цэнтра, прыносяць сюды кнігі.

Па словах арганізатара беларускага буккросінгу, стваральніка этнакрамы “Цудоўня” Андрэя Несцяровіча буккросінг па беларуску – гэта элітарная ініцыятыва:

— Калі ў большасці буккросінгаў гэта ператвараецца ў кніжную звалку, дык беларускі буккросінг з-за адсутнасці відаць абы-якой літаратуры збольшага ў людзей, прыносілі кнігі дастаткова адэкватныя і нават даволі новыя. Былі людзі. Якія нават проста купляючы кніжкі ў нас праз нейкі час прыносілі і клалі іх на буккросінг. І гэта менавіта адпавядала пачатковай ідэі буккросінга.

Кнігі па буккросінгу можна ўзяць у Гародні амаль ва ўсіх бібліятэках, у “Цэнтры Трэці Сектар”, у “Вялікім Буфеце” а ў хуткім часе большасць гараденскіх кавярняў ў цэнтры Гародні плануюць усталяваць у сябе паліцы для кніг, каб можна было б нешта пачытаць на месцы і ўзяць кнігу з сабой.

Беларускае Радыё Рацыя