Гарадзенскі “Кінавідэапракат” супраць маладой журналісткі



У Эканамічным судзе Гарадзенскай вобласці распачаўся разгляд пазову пра абарону дзелавой рэпутацыі прадпрыемства “Кінавідэапракат” супраць незалежных журналістаў з Hrodna.life.

Прадпрыемству не спадабаўся адзін з артыкулаў, які тычыўся малой колькасці фільмаў у кінатэатрах, і які выйшаў на сайце сёлета ў ліпені. Прайшлі папярэднія слуханні і спроба прымірэння, аднак па словах рэдактара сайту Аляксея Шоты, прадстаўнікі “Кінавідэапракату” не хочуць ісці на прымірэнне бакоў:

– Гэтае меркаванне ў прынцыпе не можа пашкодзіць дзелавой рэпутацыі “Кінавідэапраката”, гэта толькі меркаванне, усе маюць на яго права. Па-другое, “Кінавідэапракат” манапаліст у Гародні, у яго няма канкурэнтаў. Мы былі гатовыя мірна разысціся з самага пачатку. Да суда я заходзіў да кіраўніка “Кінавідэапраката”, і па тэлефоне мы з ім размаўлялі. І мы гатовыя апублікаваць тэкст іх абвяржэння ў рамках абмену меркаваннямі. Яны маюць права выказаць сваё меркаванне, адказаць на наш тэкст. Яны прынцыпова хочуць вырашыць справу праз суд.

Пра працэс распавядае юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў:

– Працэс вёўся на вельмі якасным узроўні, і суддзя з улікам роўнасці бакоў даваў магчымасць аднолькава ўсім выступіць. Прадузятасці не дэманстраваў. Хочацца спадзявацца, што вынік будзе справядлівы і свабода слова не будзе лішні раз падвергнута неабаснаваным абмежаванням. Мы будзем прасіць суд адмовіць у гэтым зыску.

Працэс над журналісткай Hrodna.life Веранікай Вельб працягнецца пасля моўнай экспертызы, правядзення якой запатрабавалі прадстаўнікі прадпрыемства “Кінавідэапракат”. Вядзе працэс суддзя Эдуард Кароль.

Беларускае Радыё Рацыя