Гарадзенскі „круглы” тэатр пайшоў у „народ”



Эксперыментальны гарадзенскі тэатр дзіцячага хоспіса зладзіў першае прадстаўленне. Яго экперыментальнасць у тым, што гледачы, а гэта ў асноўным дзеці, знаходзіліся ў цэнтры кола, а імправізаваная круглая сцэна вакол іх.

 Пра эксперымент у тэатры распавядае малады рэжысёр Іван Бараноўскі:

– Калі кажуць, што ўсё прыдумана, то гэта няпраўда. Можна прыдумаць нешта яшчэ і мы прыдумалі гэта прадстаўленне – „круглы” тэатр, дзе акторы будуць выступаць не перад публікай, а вакол яе. Наша казка разлічана як на дзяцей, так і на дарослых. Нашы персанажы ўзятыя з нашых старых казак, яны перароблены нанова, у іх ёсць такія рэчы, як інтэрнэт, Wi-Fi, мабільны тэлефон.

На думку Таццяны Тодрык, маці дзіцяці, якое знаходзіцца пад апекай хоспіса, такія прадстаўленні будуць цікавыя розным людзям:

– Такога кругавога плана я ніколі не бачыла і не сустракала. Агулам хлопцы вельмі спадабаліся, бо гэта ўплятанне сучаснасці ў казачны сюжэт было вельмі цікавым. Спадабаліся таксама эфекты – падвойны голас за кадрам, які кікімара магла выдаваць, мне вельмі спадабалася. Я маці дзіцяці-інваліда, яно дома засталося, а я вырашыла паглядзець, што атрымалася ў выніку, і не расчаравалася.

Першае вялікае прадстаўленне „круглага” тэатра адбудзецца падчас фэста вулічных тэатраў, што будзе праходзіць у Гародні 28-29 ліпеня 2018 года.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня