Гарадзенскі „Цэнтр гарадскога жыцця” змяніў адрас



Адукацыйна-культурніцкая пляцоўка „Цэнтр гарадскога жыцця” пачала працу па новым адрасе.

Цяпер па адрасу вул. Кірава 3 можна будзе сустрэцца з цікавымі людзьмі, паўдзельнічаць у імпрэзах і гульнях.

Супрацоўнік цэнтра Сяржук Герман так акрэсліў новы лозунг, пад якім установа працягвае працаваць у Гародні:

– Яшчэ больш месца, яшчэ больш руху, яшчэ больш беларускага. Тое, што мы заявілі, абвяшчалі пра новы адрас, вось мы прыдумалі такі слоган, ён у прынцыпе адлюстроўвае нашу дзейнасць. Па новым адрасе мы ў прынцыпе будзем проста працягваць тое, што мы рабілі па старым адрасе, толькі ўжо можа ў больш буйным фармаце. Па меры гэта дазволіць нам рабіць новыя фарматы мерапрыемстваў. Выставы, сустрэчы, прэзентацыі, творчыя вечары, бенефісы ды што заўгодна.

Першай імпрэзай на новым месцы стаў канцэрт Лявона Вольскага. Новай пляцоўкай зацікавіўся мэнэджэр культурных праектаў з Менску Алесь Мазанік.

– Завітаў на гэты цудоўны канцэрт Лявона Вольскага ў “Цэнтры гарадскога жыцця”, каб акрамя цудоўнага канцэрта пачуць яшчэ і меркаванні кіраўніка цэнтра на тэму нашай будучай супрацы. Я хачу праводзіць раз на месяц культурніцкія мерапрыемствы, дзе будуць спаборніцтвы пад назвай “Імбрыкі ды імбрычкі”, якія будуць уяўляць з сябе ўмоўны паб-квіз. Я шчыра спадзяюся, што супраца з цэнтрам дасць свой вынік, прыцягне новых людзей.  

Першая імпрэза ў „Цэнтры гарадскога жыцця” прыцягнула вялікую колькасць гарадзенцаў. Наступная імпрэза пад назвай „Выклік дахаты” прыедзе з Менску. Гэта праект 12 габрэйскіх мастакоў, якія аб’яднаны ў суполцы „INDIE”, што на думку арганізатараў прыцягне шмат зацікаўленых гарадзенцаў і гасцей Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня