Гарадзенскія ўлады паабяцалі вярнуць грамадскі транспарт на рынак „Паўднёвы”



Станоўча вырашана просьба прадпрымальнікаў рынку “Паўднёвы” вярнуць грамадскі транспарт  для даезду на рынак.

Сустрэча з кіраўніком горада Мечыславам Гоем дала надзею, што ўжо неўзабаве ізноў пойдуць туды аўтобусы.

Пра названую праблему расказвае старшыня Рады прадпрымальнікаў рынку “Паўднёвы” Андрэй Шасцяракоў:

– Пакупная здольнасць у нас вельмі малая. Да таго ж атрымалі нечаканы удар у снежні – аўтакалона зняла з маршрута ўсе свае аўтобусы, якія накіроўваліся да рынка “Паўднёвы”. Прадпрымальнікі былі ў шоку. Як даехаць? Не толькі прадпрымальнікам, але самае галоўнае – нашым пакупнікам. Тады ў аўральным рэжыме было прынятае рашэнне вярнуць гэтыя рэйсы, рашэнне мэра горада. Але зноў-такі ў нас атрымліваецца, што са студзеня вельмі многія маршруты аўтакалоны былі знятыя, а матывіроўка адна – не выгадна, не рэнтабельна.

Рух аўтобусаў Мечыслаў Гой паабяцаў аднавіць у поўным аб’ёме па аўторках, пятніцах і па выходных. На рынак “Паўднёвы” таксама можна даехаць маршруткай.

Гарадзенскія ўлады зацікаўленыя ў развіцці рынку, бо асноўны пакет акцый акцыянернага таварыства “Гандаль-сервіс” трымае гарадскі выканаўчы камітэт.

Працягвае Андрэй Шасцяракоў:

– Удар з боку аўтакалоны, канешне, занепакоіў і гарадскія ўлады. На гэтай сустрэчы мы прыйшлі да адзінай думкі, што гэты рух аўтобусаў неабходна аднавіць у поўным аб’ёме. Мы губляем пакупніка. У нас прадпрымальнік залежыць ад таго, колькі пакупнікоў наведаюць рынак, у якім аб’ёме ў яго набываецца тавар. Адпаведна адсюль і падаткі. У прадпрымальніка ёсць грошы – ён іх выплочвае. Тым больш варта ўлічваць, што у нас апошні год ідзе скарачэнне прадпрымальнікаў на рынку “Паўднёвым”. Людзі сыходзяць, людзі кідаюць гэты бізнес.

Гэтым і іншым значным праблемам індывідуальныя прадпрымальнікі прысвячаюць канферэнцыю, якая пройдзе ў панядзелак. На сустрэчу запрошаны: старшыня аб’яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка і дэпутат палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя