Гарадзенскі ЖКХ: На асфальт няма фінансаў



На асфальт на гарадзенскіх вуліцах Саўгасная, Чыстая і Навасельская ў горада няма фінансаў. Такі адказ ад гарадскіх камунальных службаў атрымаў кіраўнік грамадскай ініцыятывы „Гародня” Анатоль Мышкевіч.

Па яго словах, ён не здзіўлены адпіскай камунальшчыкаў:

– Адказ мяне не здзівіў, калі шчыра, адказ адмоўны. Улады адказваюць, што ў іх няма грошай. Напэўна такое дасягненне цывілізацыі, як асфальтавае пакрыццё, пачалі класці ў Гародні вельмі даўно. Да прыватнага сектара больш чым за паўстагоддзя гэта так і не дайшло. 50 гадоў не дайшло і напэўна яшчэ 50 не дойдзе. Так што мы будзем далей працягваць настойваць на тым, каб асфальт там усё ж такі паклалі. Людзі, якія ходзяць пешшу, а не ездзяць на машыне, яны ўвесь час там у брудзе.

Анатоль Мышкевіч больш за тыдзень таму разам з актывістамі збіралі на вуліцах Саўгасная, Чыстая і Навасельская подпісы сярод жыхароў. Было сабрана каля паўсотні подпісаў, якія перадалі гарадзенскім уладам. Актывіст будзе дабівацца, каб на вуліцах з’явіўся асфальт.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня