Прысуд Андрэю Мялешку пакінулі без зменаў (абноўлена)



Без зменаў пакінуў абласны суд Гародні пастанову гарадзенскага раённага суда датычна вынясення адміністрацыйнага штрафу журналісту-фрылансеру Андрэю Мялешку. Вінавацілі яго ў незаконным распаўсюдзе і вырабе інфармацыі. Накіраваную ім скаргу разглядала суддзя Святлана Даўгашэй, якую не пераканалі меркаванні абароны. Яна пакінула папярэднюю пастанову пра штраф у памеры 5 мільёнаў 250 тысяч беларускіх рублёў у сіле.

Кажа Андрэй Мялешка ля будынка суда.

–  У мяне не было ніякіх спадзяванняў на тое, што абласны суд прыме нейкае рашэнне ў мой бок. І мне падаецца, што яны проста бралі тое рашэнне, якое вынес папярэдні раённы суд, і кіраваліся толькі ім.  Нічога новага яны не прымалі. Абарона пабудавана на тым, што з боку міліцыянтаў быў юрыдычна няправільны падыход да справы – яны не папярэдзілі мяне, што ідзе адміністрацыйны працэс у дачыненні да мяне.

Абарона Андрэя Мялешкі засяроджвалася на тым, што ў адміністрацыйнай справе супраць яго адсутнічаюць доказы яго датычнасці да правапарушэння. Журналіст мае намер абскарджваць рашэнне ў вышэйшых інстанцыях.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня 

* * *

Гарадзенскі журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка працягвае змагацца за сваё права на распаўсюд інфармацыі.

1273092772_n-800x400

 

У гарадзенскім абласным судзе ў 9.30 павінен быў пачацца разгляд ягонай касацыйнай скаргі  на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Гародні. Андрэй Мялешка не мае ілюзіяў датычна сённяшняга суда.

–  Спадзяванняў мала насамрэч, бо ўсё праходзіць праз той самы суд, дзе было прынята папярэдняе рашэнне. І мне падаецца, што яны не адменяць свайго рашэння і трэба будзе змагацца далей.

У чэрвені намеснік старшыні суда Кастрычніцкага раёна Гародні Дзмітры Кедаль прызнаў журналіста Андрэя Мялешку вінаватым у незаконнай прадукцыі журналісцкіх матэрыялаў для замежных СМІ без акрэдытацыі. Журналіста-фрылансера судзілі за матэрыял, які быў размешчаны на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Андрэя Мялешку пакаралі штрафам у памеры 4,5 мільёна рублёў за нібыта незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота budzma.org

[manual_related_posts]