Гарадзенскіх журналістаў-фрылансераў зноў судзяць (абноўлена)



Двух гарадзенскіх журналістаў-фрылансераў Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава судзяць па артыкуле 22.9 за незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі. Пад незаконным вырабам і распаўсюдам інфармацыі суддзя Алена Пятрова разглядае зроблены для „Белсату” ў пачатку сакавіка рэпартаж пра выставу слуцкіх паясоў у Гародні.

35

Журналістаў у суд выклікалі SMS-паведамленнем. На суд была выклікана і сведка – супрацоўніца Гарадзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі Галіна Хамко.

Пра першы дзень працэсу распавядае Алесь Дзянісаў:

– Першае, на што я звярнуў увагу, гэта тое, што мы як фізічныя асобы не можам рыхтаваць і распаўсюджваць нейкі прадукт СМІ. У Законе аб СМІ пра гэта не напісана, пра тое, што мы як фізічныя асобы не нясём адказнасць, што за гэта могуць несці адказнасць нейкая рэдакцыя ці кіраўніцтва канала, сайта, газеты або нейкага друкаванага СМІ. Мы проста там знаходзіліся, а тым больш я, як напісана, што я інтэрв’юяваў, але інтэрв’юяваць я ніяк не мог, бо я стаяў за камерай. Пра гэта сказала і Святлана Хамко. Распаўсюджваць таксама ні Алесь, ні я не маглі.

39

Суддзя Алена Пятрова, якая вядзе справу, у лістападзе мінулага года асудзіла да штрафаў сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў – акрэдытаванага карэспандэнта Радыё Свабода Міхала Карневіча і праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Суддзя не прыняла хадайніцтва Алеся Кіркевіча запісваць яго словы па-беларуску.

Каментуе сябра БАЖ, праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:

– Варта адзначыць поўную абсурднасць гэтага судовага працэсу, тут нават цяжка каментаваць нешта, бо настолькі ўсё высмактана з пальца і настолькі ўсё неадпаведна заканадаўству. Мы не мусім казаць, што кепскае заканадаўства недасканалае, бо па сутнасці гэта судовыя працэсы за незаконны выраб і распаўсюд нібыта інфармацыйных матэрыялаў. Яны ўсе абсурдныя і несправядлівыя, паколькі журналіст-фрылансер, калі літары закона следаваць, то ён не падлягае адміністрацыйнай адказнасці – толькі рэдакцыі могуць быць пакліканы ў суд, як адказчыкі.

Працяг працэсу прызначаны на 11.30 22-га красавіка ў судзе Ленінскага раёна Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

[manual_related_posts]