Гарадзенскія журналісты абскарджваюць рашэнне суда



Гарадзенскія журналісты Алесь Дзянісаў і Алесь Кіркевіч абскарджваюць рашэнне суда Ленінскага раёна, паводле якога 22-га красавіка яны былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.

Алесь Кіркевіч і Алесь Дзянісаў

Касацыйныя скаргі накіраваныя ў Гарадзенскі абласны суд. Журналістаў-фрылансераў абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі на карысць незарэгістраванага сродка масавай інфармацыі, якім паводле суддзі Алены Пятровай з’яўляецца тэлебачанне „Белсат”.

Дзеянні судовай установы фрылансер Алесь Дзянісаў лічыць беспадстаўнымі і парушаючымі канстытуцыю краіны:

– Займаюся фрылансерствам ужо больш пяці гадоў. На гэты момант я маю чатыры пракурорскіх папярэджання і некалькі судоў, якія ўсе скончваліся  штрафамі. Тое ж самае, як яны лічаць, за незаконныя здымкі, хаця па Канстытуцыі нават не журналіст мае права займацца зборам і распаўсюдам інфармацыі.

У скаргах журналісты звяртаюць увагу на тое, што беларускае заканадаўства не прадугледжвае прыцягненне да адказнасці за працу без акрэдытацыі – кожны грамадзянін Беларусі мае права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, якая не з’яўляецца дзяржаўнай таямніцай і не дыскрэдытуе краіну.

Матэрыял, які стаў падставай для судовага разбіральніцтва, быў прысвечаны выставе слуцкіх паясоў у гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

[manual_related_posts]