Гарадзенскую Альшанку інспектуюць актывісты



Адзін з самых вялікіх і аддаленых мікрараёнаў Гародні – Альшанка – інспектуюць грамадскія актывісты з розных партый і арганізацый. Яўген Дудкін, кіраўнік гарадской арганізацыі БХД, лічыць, што будаўнікі робяць вялікую колькасць памылак пры пабудове школы ў мікрараёне.

– Пабудавана алея. Мы лічым, што гэта несвоечасова. Тут няма вадасцёку, які па паперах быў зроблены яшчэ ў кастрычніку 2017 года, аднак фактычна яго няма. У гэтым месцы ідзе вада з пяском, змывае ўсё, падмывае саму плітку. І мы разумеем, што праца рабочых марнуецца, прападаюць нашы грошы. Лагічна ўзнікае пытанне: хто адказны за тыя грошы, якія былі зарытыя ў гэту зямлю? Хто закапаў грошы нашых падаткаплацельшчыкаў у зямлю? Хто адказны?

На думку кіраўніка абласной арганізацыі АГП Міколы Саляніка, за памылкі ў пабудове школы і ходнікаў трэба караць:

Нейкія варвары будуць. Яны закопваюць грошы, народныя сродкі рыдлёўкамі, экскаватарамі, бульдозерамі. Калісьці кандыдат у дэпутаты казаў, што зробяць узорны мікрараён, выдатны мікрараён Альшанка. І вось вы бачыце самі, які ўзорны мікрараён атрымаўся. Гэта злачынства. І людзі, якія гэта зрабілі, павінны несці адказнасць.

Для кантролю пабудовы грамадскія актывісты стварылі ініцыятыву пад назваю “Альшанка”, якая будзе ў сацыяльных сетках паказваць іх грамадскую дзейнасць па кантролі будоўлі ў мікрараёне.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня