Гарадзенцам прапануюць пагуляць у квэст “Горад у агні”



Новая адметная гульня «Горад у агні» праекта „Non-Stop Game” адбудзецца ў Гародні 27 верасня 2019 года.

Чым адметны гэты праект распавядае адзін з яго арганізатараў Раман «Троллер» Алешка:

– Мы вельмі задаволеныя вынікамі першых двух гульняў, таму што сталі з’яўляцца не толькі моладзь і студэнты, але і дарослыя людзі. Былі дзве каманды, якія складаліся з людзей 50+, працаўнікі прадпрыемстваў, якія ўдзельнічаюць у «Мазгабойнях», маюць поспех там. І вось яны вырашылі разнастаіць свой адпачынак нашымі гульнямі, і ўражанні ў іх былі вельмі добрыя.

Раман Алешка кажа, што новая гульня «Горад у агні» будзе адрознівацца ад іншых гульняў праекта:

– Яна будзе ў новым фармаце, якую для пачаткоўцаў мы яшчэ не праводзілі. Гэта будзе штурмавая паслядоўнасць узроўняў і гульцы змогуць самі абіраць, у якой паслядоўнасці праходзіць гульню, якія ўзроўні ім лёгка будуць давацца, якія – не. Адпаведна ва ўсіх каманд яшчэ больш зраўняюцца шанцы. Што датычыцца вопытных гульцоў, мы таксама, як і ў папярэдняй гульні, будзем абмяжоўваць – адзін гулец на каманду. Калі ў камандзе будзе іх двое і больш, то каманда будзе гуляць са штрафным часам, каб даць шанец маладым заняць прызавыя месцы.

Гульні праекта „Non-Stop Game” адбываюцца ў Гародні з перыядычнасцю раз на месяц і штораз збіраюць больш за сотню аматараў падобных квэстаў.

Беларускае Радыё Рацыя