Гарадзенцы: 23 лютага – не нашае свята



Жыхары Гародні не лічаць 23 лютага сваім святам і ў сем’ях гэты дзень амаль не адзначаюць. Дзяржаўная ўлада святкуе гэты дзень як Свята абаронцаў Айчыны, і ва ўсіх афіцыйных установах горада і на яго вуліцах вісяць плакаты і нейкія святочныя транспаранты.

Наш карэспандэнт даведаўся, што думаюць жыхары Гародні пра гэты дзень.

– Усё сціпла. Часам можна пайсці ў горад.

– У нашай сям’і не адзначаецца 23 лютага. Для сапраўднага беларуса гэта чужое свята. Святкаваць заснаванне нейкай незразумелай арміі, дзесьці далёка за ракой, калі наша краіна была пад акупацыяй Нямеччыны.

– 23 лютага мы абавязкова будзем адзначаць у нашай сям’і. Гэта вельмі добрая нагода для святкавання славутай беларускай даты 23 лютага 1944 года – дня ўтварэння беларускай краёвай абароны.

– Ну, за сталом з торцікам мы ніколі гэты дзень не адзначалі. Але маці рабіла бацьку нейкія прыемныя маленькія падарункі.

– Мы не адзначаем гэтае свята. Я не ведаю, якім чынам яно можа да нас адносіцца. Я ніякіх савецкіх святаў не адзначаю. Ды яно і небеларускае.

– Хтосьці ў сям’і яго адзначаў, прынамсі ўсе мае браты служылі ў савецкай арміі, я іх усіх віншую. Але, каб сесці за стол і адзначаць, такога ніколі не было.

Гарадзенскія ўлады адзначылі гэтае свята некалькі дзён таму: правялі ў цэнтры горада на Савецкай плошчы паказальныя выступы дэсантнікаў, а некаторыя крамы вырашылі ў гэты дзень зрабіць зніжкі для мужчын.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня