Гарадзенцы «Намалююць веды»
27-га жніўня перад Палацам культуры тэкстыльшчыкаў, што ў самым цэнтры Гародні, адбудзецца дабрачынная акцыя „Намалюем веды”.
Акцыю рыхтуе „Гарадзенскі дзіцячы хоспіс” сумесна з творчай камандай „Вольная студыя” і адной з фірмаў гораду. У праграме акцыі эксперыментальная пастаноўка, якая ўключае выкарыстанне гіраскутэраў, праграма ад танцавальных калектываў горада („Каманда Дома 46”, „Вольная студыя”, Танцавальная кампанія „Пачатак” )
Пра будучае мерапрыемства распавядае Іоанна Немчыноўская, намесніца дырэктара „Гарадзенскага дзіцячага хоспіса”:
– Гэта робіцца для таго, каб людзі больш зычліва адносіліся да дзяцей-інвалідаў, да ўсіх, каму патрэбная дапамога і спачуванне. Мы спадзяемся, што да нашай акцыі далучацца не толькі дзеці, але і дарослыя.
Праграма завершыцца флэшмобам з размалёўкай касцюмаў танцораў і агульным танцам, а створанае ў гэты час маляўнічае палатно з пажаданнямі арганізатары акцыі плануюць размясціць у гарадскім парку Жылібера. На працягу акцыі ўсе жадаючыя змогуць з дапамогай фарбаў і пэндзляў захаваць на паперы творчыя фантазіі і самыя добрыя ўспаміны аб летнім адпачынку.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
el-magico.livejournal.com