Гарадзенцы пабывалі “ў гасцях у тхора”



Выстава маленькіх драпежнікаў прайшла ў гарадзенскім парку Жылібера.

Каля дзесяці маленькіх тхораў сталі зоркамі выставы, на якой уладальнікі з Гародні паказалі  сваіх хатніх гадаванцаў.

І пакуль нашыя бабулі  і дзядулі на вёсках змагаюцца з так званымі “шашкамі”, у горадзе гэтая жывёла знаходзіцца ў трэндзе. Хоць гадоўля і корм маленькага тхора справа далёка не танная, але розум, гумар і абаяльнасць маленькага дапежніка не пакідае абыякавымі. А сам гадаванец каштуе сёння ад 100 да 150 даляраў.

Кажа адна з уладальніц тхора Ганна:

– Дастаткава дорага ўтрымліваць, бо дарагія кармы. Ёсць спіс каціных кармоў, якія падыходзяць. Паўтаракілаграмовае ўпакаванне каштуе каля 50 рублёў. Нам гэтага зімой хапала на месяц. Плюс трэба штогадовыя прышчэпкі, як сабакам. Абавязковая стэрылізацыя. А так жывёлка ласкавая і гульлівая, і вельмі смешная.

У дзікай прыродзе Беларусі жыве “тхор чорны”і для вясковых жыхароў з’яўляецца шкоднікам. Аднак жывёла прыручаная з даўніх часоў і раней у Паўднёвай Еўропе выкарыстоўвалася для палявання на трусаў.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі