Гарадзенцы: патрабуем вызвалення палітзняволеных



Некалькі соцень чалавек прыйшло ў гарадзенскі Каложскі парк, каб падтрымаць прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Выступалі як самі сябры ініцыятыўнай групы, так і простыя жыхары Гародні. Адным з самых эмацыйных быў выступ кіроўцы хуткай дапамогі Аліма Софу:

– Мне падаецца, што такія мерапрыемствы павінны адбывацца дзеля таго, каб мы адчувалі сваю еднасць, што мы адзін народ, што мы маем агульныя думкі пра будучае і жадаем пераменаў у краіне.

РР: Вы ў сваёй прамове казалі пра вызваленне палітзняволеных.

Палітзняволеных абавязкова, таму што гэта супрацьчалавечна, гэта злачынства, якое ўчыняе ўлада адносна свайго народа.

Таксама перад прысутнымі выступілі прадстаўнікі ініцыятывы «Голас», якія лічаць, што такім чынам можна абараніць свае галасы на выбарах:

– Гэта падрабіць немагчыма, наколькі я разумею, метады шыфравання вельмі крутыя. Над гэтым працавалі вельмі крутыя праграмісты. Калі кожны беларус будзе мець такую праграму ў сваім смартфоне, падрабіць выбары не стане магчымым ніколі. То бок мы заўсёды будзем мець сумленныя выбары. І нават калі хто абвесціць 78%, то будуць прамыя доказы, што гэта не так.

Па словах прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы, пікеты ў Гародні будуць адбывацца амаль штодня. Наступная сустрэча абвешчана 26 ліпеня ў гарадзенскім Румлёўскім парку.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча