Гарадзенцы ўшанавалі памяць ахвяр Халакосту



У Гародні ўшанавалі памяць ахвяр Халакосту акцыяй, што адбылася каля сімвалічнай шыльды гарадзенскага гета №1. На акцыі памяці загінулых вязняў канцлагераў сабраліся святары розных канфесій і габрэйская супольнасць горада.

Пра мерапрыемства распавядае адзін з арганізатараў, прадстаўнік Асацыяцыі іўдзея-хрысціянскага дыялогу «Shomer — International» у Беларусі Яўген Калодзін:

Мы сёння сабраліся, каб ушанаваць памяць ахвяраў Халакосту, аддаць наша ўшанаванне габрэям гарадзенскай грамады, якія загінулі ў час Халакосту, якія выжылі, увасабляючы сабой перамогу над такім злом, як нацызм, фашызм. І мы хочам, каб у грамадстве была памяць. І такі дзень лічым вельмі важным для таго, каб не паўтарыць негатыўныя ўрокі Халакосту.

Святар Гараденскага Свята-Пакроўскага сабора Уладзімір Пятручык распавядае пра стаўленне царквы да гэтай падзеі:

– Кожнае зло, кожнае рашэння жыцця чалавека – і тут усё роўна, якая гэта будзе нацыянальнасць, узрост, пол, – гэта адназначна зло, гэта злачынства. Ва ўсіх рэлігіях гаворыцца, што пазбаўлення жыцця чалавека – гэта грэх. І, з аднаго боку, канешне, цяжка, калі мы збіраемся на такія мерапрыемствы. Але, з другога боку, у гэтым таксама ёсць плюс. У наш складаны час, калі беганіна, калі сыходзяць людзі, якія памяталі гэтыя моманты гісторыі, такія мерапрыемствы даюць магчымасць нашай душы не заставацца чэрствай.

Менавіта 27 студзеня 1945 года Чырвоная армія вызваліла адзін з самых страшных канцлагераў Другой сусветнай вайны — Аўшвіц-Біркенау. Гэты дзень адзначаюць ва ўсім свеце як дзень памяці ахвяраў Халакосту. Больш за 29 тысяч вязняў гарадзенскага гета загінула падчас Халакосту, большасць з іх – у канцлагеры Аўшвіц-Біркенау.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня