Гарадзенцы вучыліся камп’ютарнай бяспецы



Гарадзенская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў разам з HrodnaMediaRoom правялі ў Гародні круглы стол пад назвай „Інфармацыйная бяспека: як абараніць сябе і свае дадзеныя ў лічбавай прасторы”. Удзельнікамі сустрэчы былі журналісты, грамадскія актывісты, праграмісты, людзі, якія працуюць з інфармацыяй і цікавяцца сваёй бяспекай у лічбавай прасторы.

Пра сустрэчу распавядае адна з арганізатарак – журналістка Вольга Корсун:

На гэты круглы стол мы запрашалі не толькі журналістаў, для якіх лічбавая бяспека і праца з інфармацыяй сапраўды вельмі важны момант. Але таксама мы пастараліся заахвоціць да ўдзелу ў круглым стале грамадскіх актывістаў, у нас ёсць прадстаўнік праваабарончага сектара і простыя гарадзенцы, якім цікавая гэтая тэма – абарона сваіх камп’ютараў і сваёй прысутнасці ў інтэрнэце. Такім чынам, мы змаглі ахапіць некалькі мэтавых груп, якім можа быць цікавая тэма.

На думку рэдактара беларускай службы InformNapalm, журналіста Дзяніса Івашына, такія сустрэчы патрэбныя ў першую чаргу незалежным журналістам:

– Для журналістаў тут увогуле былі паведамлены самыя непасрэдныя і важныя для журналісцкай дзейнасці веды, інфармацыя, якая дазваляе зрабіць больш-менш абароненай сваю дзейнасць. Я лічу, што гэта галоўная задача – ускладніць жыццё ўсім гэтым спецслужбам, якія нацэленыя менавіта на тое, каб трымаць пад кантролем журналісцкую сферу, а перадусім незалежных журналістаў.

Пасля сустрэчы кожны з актывістаў і журналістаў змог на практыцы даведацца пра абароненасць сваіх камп’ютарных прыладаў і смартфонаў і даведацца пра розныя мэсэнджары.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня