У Гародні прайшла акцыя памяці Васіля Быкава



У адзіным у Гародні грамадскім музейчыку Васіля Быкава адбылася акцыя памяці славутага пісьменніка. Споўнілася б яму 93 гады. Музей месціцца на адной з цэнтральных вуліц абласнога цэнтра — Савецкай.

Прыйшлі туды гарадзенцы, каб згадаць творчасць, палітычную і грамадскую працу Васіля Быкава. Была магчымасць выступіць кожнаму.

Кажа прафесар Аляксей Пяткевіч:

Проста пастаім у гэтым пакоі, дзе жыве дух вялікага пісьменніка, які чвэрць стагоддзя хадзіў па гарадзенскіх вуліцах і пісаў у гэтым горадзе свае сусветнавядомыя кнігі. Быкава па праву называюць геніяльным, але для нас ён вельмі блізкі, звычайны, бо ён тут жыў, ён вельмі любіў гэты горад.

Удзельнікі імпрэзы выказалі здзіўленне, што ідэя пра перайменаванні вуліцы Парыжскай камуны, дзе жыў і працаваў народны пісьменнік Беларусі дасюль не атрымала ажыццяўлення ў гарадзенскіх улад.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня