Гародня: адлічбоўваюць каталіцкі некропаль



Гарадзенскія каталіцкія могілкі з’явяцца ў сеціве. Праца над гэтым ідзе кожны дзень: чысцяцца надмагіллі і робяцца здымкі.

Пра працу над праектам пераносу некропаля ў сусветнае павуцінне распавядае гарадзенскі гісторык Сяргей Герман:

– Сутнасць яго заключаецца ў тым, каб адлічбаваць цалкам гарадзенскі каталіцкі некропаль, таму што ён з’яўляецца самым старым камунальным некропалем Беларусі. І выкласці яго на адпаведны сайт, каб кожны жадаючы, з любой кропкі свету, мог спакойна адшукаць сваіх продкаў. Для таго, каб гэта зрабіць, неабходна расчысціць некропаль, элементарна выкасіць траву, высекчы кусты. Гэта асноўная мэта на дадзены момант.

Па словах стваральніка прыкладання, з дапамогай якога адбываецца перанос помнікаў у інтэрнэт, Андрэя Бурдэнкава, гэта праца займае шмат часу:

– Надвор’е і бюджэт уносяць вялікія карэктывы. Напрыклад, надвор’е… сёння моцнае сонца і немагчыма якасна сфатаграфаваць. Не мастацкі патрэбны фотаздымак, але хаця б каб было добра бачна, як выглядае надмагілле і што на ім напісана. Таксама патрэбы пэўны час, бо каардынаты спадарожніка ўвесь час змяняюцца, таму трэба некалькі хвілінаў завісаць над кожным надмагіллем. Усё што чытэльна, і тое, што мае нейкую візуальную каштоўнасць, трэба сфатаграфаваць і змясціць у каталог.

На платформе „Талака” з’явілася магчымасць фінансава падтрымаць гэты праект.

Беларускае Радыё Рацыя