Гародня: акцыя ў абарону жывёл



Гарадзенскія абаронцы жывёл правялі акцыю з мэтай прыцягнення ўвагі да праблемаў бадзяжных жывёлаў. Акцыя адбылася ў выглядзе флэшмоба, дзе лялек-жывёл нібы выкінулі на сметнікі.

Пра адметнасці акцыі распавядае піяр-менеджар Міхаіл Ліс:

– Ідэя акцыі – паказаць пры дапамозе аналогій, што жывёлы – гэта не цацкі. І іх нельга выкідваць, як людзі выкідваюць непатрэбную цацку. Зараз кожны год памірае больш за 4 тысячы жывёл, якіх выкідваюць.

На думку Міхаіла Ліса, лепшае месца, дзе можна ўзяць дадому гадаванца, – гэта часовы прытулак для бадзяжных жывёлаў:

– Ці можна гэтую жывёлу ўтрымліваць, каб пасля не трэба было яе выкідваць. Бо тады яна загіне. І другі момант, калі вы хочаце ўзяць хатнюю жывёлу, то вазьміце яе ў пункце часовага ўтрымання. Там вельмі шмат і сабак, і катоў. І кожная ўзятая там жывёла – гэта ўратаванае жыццё.

Агулам да акцыі ў Гародні далучыліся каля 300 чалавек. Падобныя акцыі адначасова адбыліся і ў іншых гарадах Беларусі.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня