Гародня: Гульнятэка ў Міжнародны дзень настолак



У Гародні міжнародны дзень настольных гульняў адзначылі вялікай гульнятэкай, дзе можна было даведацца пра ўсе віды гульняў і адарвацца ад камп’ютараў і тэлефонаў.

Распавядае арганізатар фэста Антон Янкоўскі:

– Мы ладзім вялікую гульнятэку, дзе можна пагуляць у вялікую колькасць настольных гульняў, дзе мы таксама раскажам правілы. У гэты дзень мы таксама ладзім некалькі турніраў, інтэрактывы, спрабуем да гэтага дня прывезці самыя гарачыя навінкі, якія толькі выйшлі, каб людзі маглі пазнаёміцца. Мы прапануем больш за 400 розных настольных гульняў. Пачынаючы ад гульняў для дзяцей 3-4 гадоў, то бок для маленькіх дзяцей, для дзяцей 5-8 гадоў. Сямейныя гульні, дзе можна пагуляць за адным сталом. Больш складаныя гульні, дзе трэба з гадзіну гуляць.

Па словах гарадзенцаў, што прыйшлі на свята, настольныя гульні – гэта цікавы спосаб пабавіць час:

– Я вельмі люблю гуляць у настольныя гульні, прыйшоў паўдзельнічаць у турнірах па гульнях „Каркасон” і „Кодавыя гульні”. Гэта выдатная нагода пакамунікаваць з сябрамі і правесці вольны час.

– Рэгулярна ходзім гуляць у настольныя гульні. Калі мы даведаліся, што сёння праходзіць гэта мерапрыемства, нас гэта зацікавіла, мы вырашылі прыйсці, паспрабаваць, паспаборнічаць з іншымі людзьмі ў гульні „Codenames”.

– Настольныя гульні для забавы, гэта як гуляць у карты, толькі цікавей.

На свята прыйшло больш за паўсотні гарадзенцаў рознага ўзросту – ад маленькіх дзетак да людзей сталага ўзросту. Кожны знайшоў для сябе штосьці цікавае.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня