Гародня: ХІV байк-фэст „Хавайся ў бульбу”



Аматары „жалезных коней” з Беларусі і блізкага замежжа прыехалі ў Гародню на вялікі штогадовы байкерскі фэст „Хавайся ў бульбу”. Фэст адбываецца ў 14-ты раз і змяніў не толькі месца свайго правядзення, але і час.

Пра фэст распавядае адзін з яго арганізатараў Павел „Матвей” Мацвееў:

– Мы – NASHORN free riders MCC горад Гародня і кампанія Bertel праводзім у гэтым годзе 14-ты міжнародны байк-рок фестываль. Хацелі зрабіць мерапрыемства больш прыемным для нашых гасцей, для байкераў, для гасцей з горада, для нашых сяброў, таму мы трошкі змянілі даты з традыцыйнага канца красавіка на летні месяц, каб было цёпла і ўтульна. Вырашылі змяніць лакацыю, у гэтым годзе нас гасцінна прыняла турыстычная база “Домік рыбака”.

Для большасці прыехаўшых на фэст гарадзенцаў галоўнай падзеяй першага дня фэста быў выступ гурта Dzieciuki, які не выступаў на сцене ў Гародні з мінулага байк-фэсту.

Пра выступ гурта кажа прадстаўнік гурта Дзяніс Жыгавец:

– Вельмі добра, што гарадзенскія байкеры ўзялі за традыцыю запрашаць гурт на свае фэсты, якія яны ладзяць. Тыя, хто сочыць за дзейнасцю гурта Dzieciuki, ведаюць, што арганізаваць дазволенае мерапрыемства, канцэрт вельмі складана. Класна, што ёсць такая магчымасць на класным абсталяванні даць класны канцэрт для гарадзенцаў. Рэспект гарадзенскім байкерам, рэспект гурту Dzieciuki.

Выступ гурта Dzieciuki працягваўся больш за дзве гадзіны. Другі дзень фэста „Хавайся ў бульбу”  будзе адзначаны праездам калоны жалезных коней па Гародні, а таксама музычным выступам гуртоў „Дай Дарогу!” і „Мастер”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня