Гародня: новая хваля затрыманняў (абноўлена)



Цэлы вечар у Гародні сінгаляць машыны, гэтая акцыя салідарнасці аўтамабілістаў вельмі гучная і ўражвае. Аўтамабілісты пры тым асабліва моцна сігналяць, праязджаючы каля міліцэйскіх  і адміністрацыйных будынкаў.
МБХ-Медыя паведаміла, што ў Гародні да пратэстоўцаў ужылі слёзацечны газ. А позна ўвечары ля гарадской філармоніі гучалі стрэлы – сілавікі стралялі па людзях, хутчэй усяго гумовымі кулямі.

* * * 

На другі дзень пасля выбараў пасля абвешчанага збору а 19-й гадзіне гарадзенцы не могуць патрапіць у цэнтр гораду.

У Гародні, нягледзячы на жорсткія дзеянні міліцыі і затрыманні, людзі ладзяць  стыхійны пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Распавядае праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:

-У Гародні ўсё ж такі працягваюцца стыхійныя акцыі пратэсту. Зараз дастаткова шмат людзей сканцэнтравалася ля Чыгуначнага вакзала. Думаю, чалавек 400- 500, а можа нават болей. Машыны бесперастанна сігналяць.  Невялікую групу пагналі АМАПаўцы. Відаць, будзе перадыслакацыя тэхнікі і хапун людзей. На акцыі стыхійна сабралася моладзь. Яна апладзіруе, скандуе :”Беларусь!”

* * * 

Што адбываецца ў Гародні распавядае наш карэспандэнт Сяргей Апановіч:

– У Гародні ля Старога моста пачаліся затрыманні. Дзясяткі людзей бягуць па вуліцах Гарнавых і Гагарына ад АМАПаўцаў. Людзі з розных раёнаў горада пачалі сцякацца да Старога моста. Першыя сутычкі адбыліся каля Гарадзенскай філармоніі, дзе сабралася каля 50-70 чалавек.  Стары мост перакрыты ў раёне “Прыёрбанка”, туды не пускаюць нікога. Затрымліваць там пачалі больш за дзве гадзіны таму. Цяпер там стаяць міліцэйскія “ўазікі” і бронетранспарцёры.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня