Гародня: працэс па справе палітвязняў перанесены



У Гародні адбыўся другі дзень працэсу па „справе Ціханоўскага”. 

Змітра Фурманава, Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу пачалі судзіць у судзе Кастрычніцкага раёну Горадні яшчэ 18 студзеня. Іх вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак: Разнічэнку і Кнігу таксама ў гвалце над міліцыянтамі.

Пра працэс распавядае грамадскі актывіст Сяргей Верамеенка:

– На сённяшнім пасяджэнні па справе палітвязняў: Кнігі, Разнічэнкі і Фурманава, усе тры палітвязні былі завезеныя ў залю суда і дапытаныя. Гэта быў працяг допыту Змітра Фурманава. Павінен быў быць сведка з боку абвінавачання – гэта міліцыянт Казлоўскі, але ён не з’явіўся. Было такое кароткае пасяджэнне, у выніку яго перанеслі на 28 чысло.

Зміцер Фурманаў быў затрыманы 29 траўня 2020 году на Савецкай плошчы ў Гародні. Яго забралі разам са сталом, за якім ён збіраў подпісы. 

Увесь час з траўня 2020 гэтыя трое гарадзенцаў знаходзяцца за кратамі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча