Гародня: сацыяльны кантэнт цікавы чытачам



У памяшканні Цэнтра гарадскога жыцця Гародні адбыўся круглы стол на тэму “Як ствараць і прасоўваць сацыяльна значны кантэнт?”

Беларускія СМІ прадстаўлялі рэдактарка выдання “Імёны” Адар’я Гуштын, намеснік рэдактара газеты “Новы Час” Сяргей Пульша, рэдактарка праектаў Hrodna.life Ірына Новік.

На думку адной з арганізатарак сустрэчы, прадстаўніцы кампаніі “Будзьма беларусамі” па Гарадзеншчыне Хрысціны Марчук, падобныя сустрэчы патрэбныя шырокаму колу грамадства:

– Гэты прэс-клуб мы адрасавалі не толькі журналістам, як бы вынікала з назвы фармата. Мы адрасавалі яго ўсім людзям, якія занятыя ў медыя сёння, хто працуе ў сацыяльных сетках, праграмістам, маркетолагам, рэкламадаўцам, брэндам, якія робяць рэкламу і спрабуюць сябе раскруціць.  Гэта тэма была пра сацыяльную журналістыку ў шырокім сэнсе гэтага слова.

На думку намесніка рэдактара газеты “Новы Час” Сяргея Пульшы, падобныя сустэчы патрэбныя таксама і для прамоцыі свайго выдання.

– Такія сустрэчы заўсёды патрэбныя, таму што ў прынцыпе гэта і ёсць сустрэча ў тым ліку з чытачамі.  Я быў вельмі ўсцешаны, што газету “Новы Час” тут ведаюць, падпісваюцца і чытаюць. Гэта вельмі карысная сустрэча, таму што, на маю думку, мы павінны больш увагі надаваць рэгіёнам і рэгіянальнаму жыццю. А не варыцца толькі ў Менску ў сваім цэнтры.

Арганізатарамі прэс-клубу ў Гародні былі кампанія “Будзьма Беларусамі”, “HrodnaMediaRoom”, а на спатканне прыйшлі апроч журнаністаў прадстаўнікі ІТсферы, маркетолагі і моладзь, што цікавіцца сацыяльнымі праектамі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня