Гародня: сёлета вялікага абмялення няма



Дзяржаўныя СМІ Беларусі паведамляюць пра абмяленне на Нёмане і пра катастрофу, звязаную з змяншэннем узроўня вады.

Гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч лічыць, што самае маштабнае абмяленне было ў Гародні ў 2015 годзе.

Распавядае Андрэй Вашкевіч:

— Абмяленне Нёмана гэта добрая нагода пашукаць нешта цікавае. Я памятаю, што калі было найбольшае абмяленне ў 2015 годзе, дык найбольш было цікавых рэчаў, якія паказаліся з дна ракі. У першую чаргу гэта рэшткі мастоў, найбольш відавочныя два масты: у раёне вуліцы Рыбацкай і Новага мосту. Адзін з гэтых мастоў — гэта мост, пабудаваны немцамі ў гады Першай сусветнай вайны, а другі мост пабудаваны палякамі ў 1921 годзе.

Па словах эколага і арнітолага Зміцера Вінчэўскага на Нёмане няма ніякай катастрафічнай сітуацыі

— Ніякай катастрафічнай сітуацыі няма, таму цяжка сказаць, ці будуць наступствы. Насамрэч, калі гэта прыродная з’ява, яна нейкім чынам кампенсуецца ў наступныя гады. Галоўнае, каб гэтае абмяленне, не было некалькі гадоў запар, бо тады, канешне віды, звязаныя з аптымальным узроўнем вады, апынуцца ў цяжкай сітуацыі, бо не змогуць кампенсаваць свае страты з папярэдніх гадоў.

Судаходства на нёмане амаль прыпынена апошнія некалькі год: па рацэ катае турыстаў толькі стары карабель “Вольга Соламава” і невялічкія рачныя таксі, якія пачалі працу некалькі месяцаў таму.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя