Гародня: жыхары актыўна вылучаюцца ва ўчастковыя камісіі
Больш паўсотні гарадзенцаў вылучыліся ва ўчастковыя камісіі, якія будуць працаваць падчас электаральнай кампаніі 2020 году. Сярод вылучэнцаў ёсць людзі, якія гэта робяць упершыню.
Распавядае Алег Кукух, валанцёр ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай:
– Думаю, што ў любым выпадку выбары фальсіфікуюцца і вельмі моцна. Я хачу пайсці і асабіста паглядзець на гэта, і паспрабаваць нешта змяніць гэтым разам. Я так думаю, што людзі, якія фальсіфікуюць, яны, відаць, робяць гэта з нейкімі сваімі мэтамі. Наўрад ці гэта іх перакананні, хутчэй за ўсё іх прымушаюць. Мой погляд у вочы гэтага чалавека будзе дадатковай перашкодай, дадаковым бар’ерам, каб ён гэта не рабіў.
Пра тое, якія людзі вылучаюцца ў камісіі распавядае прадстаўнік кампаніі “Права Выбару” Сяргей Верамеенка:
– У камісіі мы вылучаем як ад грамадскіх структур, так і партыйных. Таксама і шляхам збору подпісаў. На дадзены момант прыкладна каля 50 чалавек у нас запісалася ахвотных падавацца ў камісіі, гэта толькі па Гародні. Я не выключаю, што будуць яшчэ далучацца, таму што літаральна кожны дзень прыходзяць людзі, ахвочыя на вылучэнне ў сябры камісій.
Сябрам камісіі можа стаць любы грамадзянін Беларусі да 21 чэрвеня 2020 году, аднак па словах Сяргея Верамеенкі. верагоднасць стаць сябрам камісіі ў простых жыхароў – вельмі малая.
Беларускае Радыё Рацыя
