Гародня: змаганне за дарогу ў Ласосна-4 працягваецца



У Гародні працягваецца змаганне за дарогу, што вядзе ў мікрараён Ласосна-4, дзе ў некалькіх кіламетрах ад горада стаяць дамкі, да якіх не ходзіць грамадскі транспарт.

Актывісты ўжо некалькі год змагаюцца з будаўнічай арганізацыяй, каб да жылых дамоў была зроблена нармальная асфальтавая дарога. Распавядае адзін з актывістаў Віталь Вановіч:

– Петыцыі рабілі, там розныя людзі паасобку звярталіся ў розныя інстанцыі, а таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта хтосьці пісаў. Мы ў гэтым раёне набылі домік прыкладна два гады таму, ён быў збудаваны каля чатырох гадоў таму. І вось з гэтага часу з дарогай нічога не рабілі.

Віталь Вановіч распавядае, што некалькі месяцаў таму распачаліся працы па рамонце дарогі, аднак яна стала яшчэ больш бруднай з-за пылу і бетону:

– Аўтамабільную дарогу вырашылі, відаць, зрабіць па такой эканомнай тэхналогіі. Проста насыпалі сумесь цэменту, пяску, нібыта гэта ўсё павінна было ўтрамбавацца, быццам такая нармальная больш-менш дарога павінна была існаваць. Але, відаць, для іх гэта новая тэхналогія, і не атрымалася тое, што планавалася. І, напэўна, яна бывае зараз у горшым стане, чым была раней. Пройдзе дождж, гэта ўсё размываецца, вельмі вялікія выбоіны ўтвараюцца. Таксама яна стала яшчэ горш пыліць, і цэмент дадаўся ў гэты пыл.

Актывісты і надалей збіраюцца змагацца за дарогу да іх дамоў, бо, на іх думку, прадпрыемства «Гроднажылбуд» не выконвае сваіх абяцанняў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча