Гары Паганяйла: Да “палітычных” стаўленне вельмі жорсткае



Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавёў, чым можна патлумачыць катаванні людзей у ізалятары на Акрэсціна.

Многія вязні, якія адбывалі пакаранне на “сутках” у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, распавядалі пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання, якія, на думку людзей, адмыслова ствараліся персаналам установы.

Гэта ініцыятыва асобных служакаў ці ёсць каманда на здзекі зверху?

Гары Паганяйла: Гэта, безумоўна, агульная ўстаноўка на тое, каб на Акрэсціна людзей ламалі, стваралі ім менавіта нечалавечыя ўмовы. Каб затрыманыя і пакараныя “суткамі” адчувалі сябе прыніжанымі.

Там насамрэч спрабуюць зламаць дух людзей, іх годнасць. Беларусь сёння прытрымліваецца традыцый старой савецкай сістэмы, для якой не галоўнае, за што ты пакараны. Калі патрапіў за краты, то там умовы павінны быць такія, каб ты запомніў іх на ўсё жыццё і ніколі больш не імкнуўся патрапіць туды.

З іншага боку зараз мы маем выпадкі палітычна матываваных спраў, і да “палітычных” стаўленне яшчэ больш жорсткае, чым да крымінальнікаў. Задача такая – знішчыць дух супраціўлення, выкараніць яго са свядомасці чалавека, каб ён ніколі не захацеў больш канфліктаваць з уладай. Таму, натуральна, нечалавечыя ўмовы на ЦІПе, пра якія распавядаў той жа Зміцер Дашкевіч, гэта ўстаноўка рэжыму.

Ёсць тыя, хто аддае загады, і ёсць шэраговыя выканаўцы, якія займаюцца катаваннямі людзей. Ні пра якія міжнародныя стандарты, у якіх прапісаны ўмовы ўтрымання вязняў, тут і гаворкі быць не можа.

РР: Адным словам, нейкім законным чынам дамагчыся нармальнага стаўлення да сябе тут немагчыма?

Гары Паганяйла: Беларускаму рэжыму сёння да лямпачкі і гэтыя стандарты, і ўвогуле закон. Некалькі месяцаў у краіне поўнае беззаконне, таму, натуральна, робяць усё што заўгодна, каб з дапамогай сілы захаваць уладу і збіць пратэсты людзей.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя