Гары Паганяйла: У нас прававыя нормы не дзейнічаюць



Юрыст БХК Гары Паганяйла распавядае пра тое, ці можна сёння дабіцца справядлівасці ў абскарджванні штрафаў за ўдзел у акцыях.

Некаторыя актывісты і палітыкі прынцыпова не плацяць дзяржаве штрафы, якія ім прызначылі суды за ўдзел у рознага кшталту акцыях. Ці выхад гэта са становішча? І ці можна дабіцца справядлівасці у Камітэце ААН па правах чалавека?

Гары Паганяйла: Пытанні таго, што рабіць з прызначаным штрафам, кожны вырашае індывідуальна. Так, ёсць прававыя сродкі абароны ад такіх рэчаў, але давайце будзем шчырымі – наўрад ці беларускія суды ўспрымуць разумныя аргументы. Абскарджваць дзеянні судовых выканаўцаў таксама малаэфектыўна, таму што яны абавязаны, каб судовае рашэнне было выканана, і грошы паступілі ў бюджэт.

РР: Грамадская актывістка Вольга Мікалайчык не выключае, што абскардзіць рашэнні судоў у ААН.

Гары Паганяйла: Калі ў міжнародныя арганізацыі паведамляецца пра тое, што людзям даюць непамерныя штрафы, то гэта адна справа. Калі ставіцца пытанне, каб была зменена такая практыка ўнутры краіны, то гэта іншае. Але што ў выніку? Па-першае, Камітэт па правах чалавека ААН можа разглядаць справу гадамі. Па-другое, беларускія ўлады ўсё роўна не рэагуюць на ААНаўскія рашэнні. Мне думаецца, што пры сёняшняй сістэме ўлады ў нас прававыя нормы не працуюць. Неабходна змяняць падыходы. Трэба ўмацоўваць грамадскую салідарнасць і апазіцыю. Каб апошняя не існавала, а жыла і была структурай, з якой бы ўлада лічылася. Можна шукаць новыя формы барацьбы з тым, што дзяржава прапаноўвае. Трэба нешта супрацьстаўляць. Але, на жаль, беларуская апазіцыя настолькі слабая, што дазваляе ўладзе на індывідуальным узроўні рабіць усё, што ёй захочацца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя