Гаспадара бел-чырвона-белай хаты Анатоля Каханчыка зноў будуць судзіць “за пікет”



20-га снежня Анатоля Каханчыка выклікалі позвай у Полацкі раённы аддзел міліцыі. На волю адтуль ён ужо не выйшаў, але паспеў патэлефанаваць сябрам, што ён затрыманы, і што абвяшчае сухую галадоўку. Пра такі намер ён папярэджваў яшчэ загадзя, калі даведаўся ад следчага, што супраць яго рыхтуецца чарговая справа за “апазіцыйную” расфарбоўку бацькоўскай хаты ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну.

Хату ён перафарбаваў год таму – правёў тры  паласы ў колерах нацыянальнага сцяга па блакітным фоне сценаў. А ў акне знутры вывесіў Пагоню. Праз колькі дзён Анатоля Каханчыка затрымаліі пырысудзілі 7 сутак арышту за парушэнне адміністрацыйнага артыкула 23.34: расфарбоўку хаты міліцыянты кваліфікавалі як несанкцыянаванае пікетаванне. Пасля арышту гаспадар бел-чырвона-белай хаты атрымаў звесткі, што яго звальняюць з працы – з мясцовага аддзялення чыгункі, дзе ён адпрацаваў 38 гадоў. Аднак ні арышт, ні звальненне не схілілі Анатоля Каханчыка перафарбаваць хату, як таго патрабавалі міліцыянты.

Месяц таму гэта зрабілі ўначы невядомыя людзі: карычневай фарбай зафарбавалі чырвоную паласу паміж дзьвюх белых. А герб Пагоня, я вывешаны ў акне, запэцкалі карычневай фарбай проста па шкле звонку. Анатоль Каханчык аднавіў першапачатковую расфарбоўку зноў, і ў хуткім часе даведаўся, што да ягонай хаты чарговы раз прыязжаў старшыня Маласітнянскага сельсавету Леанід Буханцоў і фатаграфаваў яе для заявы ў міліцыю. Цяпер супраць спадара Каханчыка распачалі новую адміністрацыйную справу за “несанкцыянаваны пікет”. Суд мае адбыцца 21-га снежня.

Беларускае Радыё Рацыя