„Гавары праўду” вырашыла паляпшаць адукацыйную сферу



„Гавары праўду” вырашыла паляпшаць адукацыйную сферу. Намеснік старшыні кампаніі Андрэй Дзмітрыеў сустрэўся з віцэ-міністрам адукацыі Вадзімам Богушам і перадаў яму шэраг прапаноў у гэтым пытанні. Усе гэтыя прапановы раней абмеркавалі ў рамках „Народнага рэферэндума“.

„Галоўная праблема ў тым, што кошт навучання пастаянна расце, а якасць – змяншаецца”, – адзначае Андрэй Дзмітрыеў:

– Я тут скажу і пра тое, што выдаткоўваецца з бюджэтнага фінансавання, і тое што даплочваюць самі людзі праз паборы, праз платнае навучанне, але пры гэтым змяншаецца якасць. Людзі, якія аплочваюць праз падаткі і асабіста адукацыю сваім дзецям, не могуць ніякім чынам уплываць на тыя рашэнні, якія прымаюцца ў сферы адукацыі, і не разумеюць куды ідуць грошы.

Сярод істотных праблем Андрэй Дзмітрыеў называе адарванасць адукацыі ад рынку працы і тое, што Беларусь знаходзіцца па-за Балонскім працэсам. У кампаніі „Гавары праўду” лічаць, што адказнасць за адукацыйную палітыку трэба перадаць ад прэзідэнта – парламенту, як гэта практыкуецца ў іншых краінах.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя