Генадзь Фядыніч: Акцыі нешматлікія, але гэта не значыць, што ўлады супакоілі народ



1 траўня ўлады хочуць чуць толькі радасныя хваласпевы, таму фактычна забаранілі правядзення акцый незалежных прафсаюзаў у гэты дзень, – адзначае кіраўнік беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч. Улады папярэдне не дазволілі правесці незалежным прафсаюзам акцыі ў буйных гарадах Беларусі. З раніцы таксама праходзілі прэвентыўныя затрыманні прафсаюзных дзеячаў у актывістаў у Магілёве, Слоніме, Пінску, Баранавічах, Берасці ды іншых гарадах.

Акцыі, якія праходзяць цяпер, нешматлікія, але гэта не значыць, што ўлады супакоілі народ, – адзначае Генадзь Фядыніч.

– Роспач народа, якая праявілася ў гэтыя два месяцы – у лютым і сакавіку – нікуды бясследна не знікне. Грамадзяне будуць шукаць выйсце, каб быць разам, і толькі разам мы зможым зрабіць жыццё працоўнага чалавека лепшым.

1 траўня, Міжнародны дзень салідарнасці працоўных, – адзначаюць у больш як 140 краінах свету. У афіцыйным календары Беларусі гэты дзень па савецкай традыцыі называецца «Святам працы», а ўлады традыцыйна ладзяць канцэрты і гулянні.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя