Генадзь Фядыніч: Кантора піша…



Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч параіў першаму віцэ-прэм’еру схадзіць на заводскія прахадныя.

Першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі заявіў днямі, што рэальны заробак расце ў Беларусі трэці месяц запар на фоне яго зніжэння ў апошнія два гады. Наколькі словы чыноўніка адпавядаюць рэальнасці?

Генадзь Фядыніч: Я б параіў спадару Мацюшэўскаму схадзіць на прахадныя розных заводаў у краіне і распавесці пра рост заробкаў трэці месяц запар тым людзям, якія адпрацавалі змену. Хацеў бы паслухаць адказы і паглядзець пасля гэтага на твар чыноўніка. А на паперы заробкі, безумоўна, будуць расці. Як кажуць, кантора піша…

РР: Для роста заробкаў на сёняшні момант пакуль няма ўмоў?

Генадзь Фядыніч: На мой погляд, няма. Як вядома, заробкі павінны падвышацца ў залежнасці ад росту вытворчасці працы, але эканамічны стан пакуль не дазваляе рабіць нейкія аптымістычныя прагнозы. Не бачна буйных інвестараў, няма новых тэхналогій… У нас ужо каторы год мадэрнізуцюь дрэвааапрацоўку, але і гэта не дае той эфект, які чакалі. Больш за тое – скарачэнні працягваюцца, а значыцца многія застаюцца наогул без заробкаў. А ўвогуле, як мне падаецца, сёняшнія заявы чыноўнікаў аб працаўладкаванні людзей, пра рост заробкаў робяцца больш для таго, каб адрапартаваць аб выкананні пастаўленай задачы. Калі б было тэрмінова неабходна, то заявілі б, што ў краіне ўжо дасягнуты сярэдні заробак у памеры 1000 рублёў. Але ўсе гэтыя іх лічбы – віртуальныя. А ў рэальным жыцці – зусім іншая сітуацыя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя