Генадзь Фядыніч: Мы вытрымалі ціск



Кіраўнік прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавядае пра юбілей арганізацыі і пра тое, што ўдалося зрабіць, а што яшчэ хацелася б.

3_fed

Днямі Беларускаму прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці споўнілася 25 гадоў. Чым ганарацца незалежныя прафсаюзы ў свой юбілей?

Генадзь Фядыніч: Калі казаць пра сябе, то я прыйшоў на адзін тэрмін, а застаўся ў прафсаюзах на ўсё жыццё. А што датычыцца прафсаюза РЭП, то, напэўна, гэта адзіная арганізацыя незалежных прафсаюзаў, якая вытрымала ціск і засталася сама сабой. І гэта не толькі наша меркаванне. Мы ніколі не змянялі сваіх поглядаў у плане, якім чынам абараняць працоўных. І ў нас ніколі не было кампрамісаў, паміж кім выбіраць – паміж наймальнікам ці працоўным. Мы заўсёды былі з апошнім.

РР: Што асабліва ўспамінаецца сёння?

Генадзь Фядыніч: Ёсць малавядомыя факты нашай працы. Нам, напрыклад, вельмі цяжка было перажыць тыя часы, калі амаль год знаходзіліся пад татальнай праверкай усіх органаў улады. Але вытрымалі, хоць на той момант нас з 2 тысяч сябраў прафсаюза засталося 630. Памятаю таксама, як абаранялі правы таксістаў, якія нават не былі сябрамі прафсаюза РЭП. Паўтары гады судзіліся, выйгралі справу на карысць таксістаў, а яны, мабыць, да гэтага часу не ведаюць, хто ім тады дапамагаў. Адным словам, хапае слаўных старонак у нашай рабоце.

РР: А чаго вам зараз не стае ў працы?

Генадзь Фядыніч: Напэўна, не стае людзей і часу, хоць да справы мы заўсёды адносімся шчыра і сумленна. За 11 месяцаў гэтага году мы ўжо вярнулі працаўнікам больш за мільярд рублёў – гэта грошы, якія былі незаконна ўтрыманыя наймальнікамі. Лічу, што гэта проста цудоўны падарунак і самім працоўным, і нам у юбілейны год.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

[manual_related_posts]