Генадзь Марчук: У Беларусі „ліквідатары” не маюць статусу



Гарадзенскі ўдзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС Генадзь Марчук, які ў 1986 годзе быў вайсковым хімікам, кажа, што за 33 гады статус ліквідатара вельмі змяніўся.

У час Савецкага Саюзу ліквітатар меў зніжкі на жытло і лекі, кажа Генадзь Марчук:

– Мы тады былі, як ліквідатары, мы насамрэч адчулі ўдзячнасць, можа гучна сказана, але клопат адчулі. Быў добры закон пра абарону ліквідатараў, у асноўным трапляла па стану здароўя, медычным усім параметрам. Былі і лекі задарма, пуцёўкі, кантроль. Медычных ільгот было дастаткова, мы гэта адчулі, матэрыяльныя нейкія кампенсацыі таксама атрымлівалі. Жыллёвыя, камунальныя пытанні вырашаліся. У савецкі час мы адчувалі клопат краіны.

Ён здзіўлены сённяшнім статусам, які нічога не дае людзям, што згубілі тады здароўе:

– Пару гадоў таму на 30-годдзе атрымалася сабрацца невялікай групай – нас было чалавек 15. Мы не ліквідатары ў адрозненні ад сваіх калег у Расеі з якімі працавалі ў адных частках. Мы зараз называемся, калі не памыляюся, асобы пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Вось гэта трохі чапляе нас маральна, статус ліквідатара быў неяк зняты, пры гэтым незразумела чаму. Атрымліваецца, што ў Беларусі ўвогуле няма такой катэгорыі, хаця мы ёсць. Нас я думаю не адна сотня хлопцаў яшчэ жыве, хварэе, але жывуць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

У 1986 годзе Генадзь Марчук быў лейтэнантам-хімікам, яго прафесійным абавязкам было выкананне задачы па ліквідацыі аварыі. 

Цягам двух месяцаў ён працаваў на чарнобыльскім рэактары і ў бліжэйшых вёсках.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня