Гендырэктара „Белфармпрома” вінавацяць у хабарніцтве
Генеральнаму дырэктару прадпрыемства „Кампанія-кіраўнік холдынга „Белфармпром” выстаўленае абвінавачанне на падставе ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару), паведаміў Следчы камітэт.
Паводле інфармацыі СК, кіраўнік узяты пад варту.
Неафіцыйная інфармацыя аб затрыманні кіраўніка холдынга Валерыя Шаўчука з’явілася 7 сакавіка. Шэраг СМІ паведамілі пра гэта са спасылкай на свае крыніцы ў сілавых органах. Следчы камітэт гэтую інфармацыю не каментаваў.
У канцы ліпеня 2017 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 258 аб ліквідацыі дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці і стварэнні холдынга па вытворчасці фармацэўтычнай прадукцыі.
У верасні быў створаны фармацэўтычны холдынг „Белфармпром”, пад кіраванне якога ўрад перадаў чатыры кампаніі: Барысаўскі завод медпрэпаратаў, Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, „Экзон” і „Ферэйн”. Узначаліў холдынг кіраўнік згаданага ліквідаванага дэпартамента Валерый Шаўчук.
Праз два месяцы ў склад холдынгу ўвайшлі яшчэ дзве дзяржаўныя і восем прыватных прадпрыемстваў: УП „Унітэхпрам БДУ”, ДП „Акадэмфарм”, ЗВУП „Мед-інтэрпласт”, ЗАТ „Фарматэх”, ЗАТ „Беласептыка”, ТАА „Каліна”, СП ТАА „Фармлэнд”, ТАА „Падзіс`С”, ЗП ЗАТ „Малкут”, СТАА „Націвіта”. У пачатку снежня 2018 года ў вядзенне „Белфармпрома” пастановай Саўміна № 866 былі бязвыплатна перададзеныя акцыі Барысаўскага завода медыцынскіх прэпаратаў больш як на 3 млн долараў.
Затрыманне кіраўніка „Белфармпрома” працягвае шэраг гучных спраў аб карупцыі ў сістэме Міністэрства аховы здароўя. Летась за хабар былі затрыманыя прыблізна сто чалавек, сярод іх супрацоўнікі міністэрства, кіраўнікі вядучых клінік і РНПЦ. Шэраг фігурантаў ужо асуджаныя.
belapan.by
