Анжаліка Агурбаш папрасіла дапамогі ў Пуціна (абноўлена)



Спявачка Анжаліка Агурбаш, выдачы якой патрабуюць улады Беларусі, вырашыла папрасіць дапамогі ў прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Тэкст звароту артысткі публікуе NEWS.ru.

„Уладзімір Уладзіміравіч, трэба спыніць тую ступень тэрору і агрэсіі, якая цяпер адбываецца ў адносінах да беларускага народа. Я не за сябе, я за беларускі народ прашу вас дапамагчы спыніць гэта беззаконне. Зараз Беларусь губляе лепшых прадстаўнікоў нацыі. Яны сядзяць у турме, пад следствам. Гэтая сітуацыя вельмі сур’ёзная, таму што Аляксандр Рыгоравіч на сённяшні дзень проста губіць Беларусь і губіць беларусаў, – звярнулася да Пуціна Агурбаш.

* * * 

На спявачку заведзены крымінальныя справы па двух артыкулах, у адносінах да яе санкцыянаваная мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту.

Генеральная пракуратура ў траўні 2021 года ўзбудзіла крымінальныя справы па ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні), ч. 2 арт. 368 (абраза Прэзідэнта) у дачыненні да Анжалікі Агурбаш.

Як паведамляе ведамства, «са жніўня 2020 года, як самастойна, так і ў групе з нявызначанымі асобамі яна размяшчала ў глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт, у тым ліку пасродкам сацыяльных сетак, відэа-хостынгу YouTube, звесткі, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці ў дачыненні да людзей, якія маюць агульныя сацыяльна значныя прыкметы, заснаваныя на прыналежнасці да пэўнай прафесіі: супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных служачых, прадстаўнікоў улады, якія выступаюць за захаванне правапарадку і захаванне дзеючага дзяржаўнага канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь».

Апроч таго ў паведамленні пракуратуры сказана, што Агурбаш у групе з нявызначанымі асобамі таксама апублікавала ў інтэрнэце звесткі, якія змяшчаюць абразы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, злучаныя з абвінавачваннем яго ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў.У дачыненні да абвінавачанай санкцыянаваная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

У Генеральную пракуратуру Расейскай Федэрацыі ў чэрвені 2021 года накіравана просьба аб яе выдачы для прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

Крымінальная справа знаходзіцца ў вытворчасці Следчага камітэта Беларусі.

novychas.by