Географ, які любіў Беларусь



Беларускаму географу, доктару педагагічных навук, прафесару Сяргею Сідору 25 траўня споўнілася б 80 гадоў.

Нарадзіўся ён на Зэльвеншчыне ў вёсцы Янаўшчына. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1964). З 1971 года працаваў у Магілёўскім педагагічным інстытуце. А з 1974 года –  у БДУ, дзе адначасова быў намеснікам рэдактара часопіса “Геаграфія: праблемы выкладання”. Сяргей Сідор любіў Беларусь. Працуючы на геафаку БДУ, ён шчыра  падтрымліваў беларускамоўных студэнтаў у справе арганізацыі факультэцкай суполкі ТБМ і студэнцкай патрыятычнай суполкі „Радзіма”. Ён быў сябрам Сойму БНФ, шчыра перажываў за Беларусь і верыў у яе незалежнасць. А яшчэ ён быў вялікім вучоным, які напісаў навуковыя працы па эканамічнай геаграфіі Беларусі, методыцы выкладання геаграфіі. Быў адным з ініцыятараў распрацоўкі новай канцэпцыі выкладання геаграфіі ў школах незалежнай Беларусі, з’яўляўся аўтарам падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для школ і ВНУ.

Сяргей Сідор заклаў асновы сучаснай беларускай сацыяльна-эканамічнай геаграфіі, быў стваральнікам беларускага навуковага геаграфічнага тэзаўруса і тэрміналогіі. Актыўна адстойваў права сацыяльна-эканамічнай геаграфіі на існаванне, імкнуўся рабіць савецкую, а потым і беларускую, СЭГ канструктыўнай, лічыў мэтазгодным вывучэнне СЭГ і ў эканамічных ВНУ, выступаў супраць падмены СЭГ іншымі курсамі, па сутнасці тоеснымі ёй. Ён з’яўляецца стваральнікам першага ў незалежнай Беларусі паўнавартаснага падручніка па геаграфіі Беларусі, дзе ўсебакова была ахарактарызавана краіна, забяспечыў адзінства геаграфіі ў рамках школьнага курсу. Карыстаўся заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод выкладчыкаў, студэнтаў, настаўнікаў і вучняў за сумленнасць, сціпласць і прастату, працавітасць і высокае пачуццё абавязку. Ён працягваў справу, распачатую Аркадзем Смолічам у працы “Географія Беларусі” (1923), апісаў Беларусь у геаграфічным ракурсе (“Геаграфія Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, 1993; “Займальная геаграфія Беларусі”, 1995, у сааўтарстве; “Геаграфія Беларусі ў пытаннях і адказах”, 1998, у сааўтарстве) і ў іншых.

Да сённяшняга дня памяць пра Сяргея Сідора не ўшанавана ні на яго радзіме – Зэльвеншчыне, ні ў БДУ.

Беларуская Радыё Рацыя