Георгі Станкевіч: З гэтай хвіліны лічыце мяне ўкраінцам



Жыхар Бешанковіцкага раёна, былы настаўнік, паэт і бард, заснавальнік мясцовага незалежнага сайта beshankovichy.by Георгі Станкевіч апублікаваў зварот да мясцовых жыхароў.

Ён просіць людзей не заставацца абыякавымі да падзеяў, якія замоўчваюць улады: звяртаецца да настаўнікаў, каб яны казалі дзецям праўду пра тое, што гэта Расея напала на Украіну, а не наадварот, да воінаў-афганцаў – каб яны пратэставалі супраць уцягвання Беларусі  ў нападніцкую вайну на баку Расеі.

Зварот, кажа Георгі Станкевіч, стаў працягам асветніцкай працы, якую ён вядзе праз свой сайт:

– Я манітору ўкраінскія сайты, і ў мяне стаіць падзагаловак “Глядзіце, каб потым не казалі, што вы не ведалі”. Я стаўлю навіны, якія называюцца “Першы дзень вайны”, “Другі дзені вайны”, “Трэці дзень вайны” і гэтак далей. І ўсё анлайн, я цэлы дзень  сачу за навінамі… А нашыя ўлады робяць выгляд, што нічога не адбываецца. Але ж вайна ідзе, гэта знішчэнне народа! І я напісаў “З гэтай хвіліны лічыце мяне ўкраінцам”, калі вы чыталі зварот да жыхароў Бешанковіцкага раёна.

Георгі Станкевіч спадзяецца, што землякі прыслухаюцца да ягоных словаў. І пачнуць нешта рабіць дзеля спынення вайны, прынамсі, не будуць пра яе маўчаць або цытаваць БТ пра тое, што “гэта Украіна напала на Расею”.

Беларускае Радыё Рацыя